К основному контенту
 ДЭКЛАРАЦЫЯ

       Мы, хрысціяне і творчая інтэлігенцыя розных канфесій у Беларусі, шчыра хочам шукаць шляхі да адзінства хрысціян. Ствараючы гэты фестываль хрысціянскай культуры пад назвай «Laudato Si» («Будзь праслаўлены, Госпадзе»), мы хочам будаваць мост павагі і талерантнасці, мост дыялогу і салідарнасці паміж хрысціянамі розных канфесій праз духоўна-культурныя традыцыі, яднаючы свае намаганні ў спаўненні Хрыстовага запавету: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21).   
       Маючы дары, таленты і здольнасці, якімі надзяліў нас Госпад Бог, мы хочам паслужыць для адзінства хрысціян, і сваім сведчаннем праводзіць  евангелізацыю свету, у якім жывём, а таксама выявіць і папулярызаваць адораных выканаўцаў у розных жанрах мастацтва і іншых творчых накірунках. 
       Будзь праслаўлены, Ойча, Стваральнік неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага! Табе ўзносім нашыя падзякі і праслаўленне. Дабраславі нашыя памкненні, каб усюды ў нашым народзе было чутно: «Слава Богу! Хвала Хрысту! Будзь праслаўлены, Госпадзе!»
       Заклікаем людзей добрай волі падтрымаць нас, а шчырых і адкрытых – да ўдзелу і малітвы.
       Мір і радасць Вам!

                   _______________________________________________________
                             
ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ

Да святога Евангелля тут прадмова:
Згодна з даўнім абяцаннем ад прарокаў,
Што Хрыстос ідзе да нас збіраць народы,
Асвятляючы Сабой увесь Сусвет,
Прыпадае на наш век Яго сустрэча.

І сляпыя неўзабаве будуць бачыць,
І глухія слова кніжнае пачуюць.
Ў гэтым свеце мусіць Бога ведаць кожны.
І таму кажу я — слухайце, народы —
Гэты дар усім належыць з Божай ласкі.

Дар Божы тым, хто прагне толькі праўды,
Дар Божы тым, чыя душа не згіне,
І у якой заўжды жыве ўдзячнасць.
І гэта Марк, Лукаш, Мацвей і Ян
Казалі ўсім краям і іх народам:

Хто душу яднае з прыгажосцю,
Хто ўмее шчырым сэрцам усміхнуцца,
Каб абмінуць і грэх, і цемрашальства,
Ды каб паўстаць над паўсядзённым смеццем,
І каб ісці у райскія прасторы…

Пераклаў Алесь Камоцкі

                       _____________________________________________________


                          Фестываль адбудзецца:
                      10 жніўня - г.Маладзечна, 
                             вул. Партызанская 3,
    ДУ "Мінскі абласны краязнаўчы музей"

   


 11 жніўня - аг. Беразінскае, Маладзечанскі р-н, вул. Леніна 3,
           пляцоўка касцёла Божага Цела



Комментарии